Жыццё Кардынала Казіміра Свёнтка

Автор: С. Вера Гаспарович.

Кардинал Казимир СвентекУ верасні 2014 года, калі ў Пінскай семінарыі пачалі святкаваць 100 гадавіну з дня нараджэння ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтка, я абараніла навуковую працу на тэму: "Апостальская дзейнасць ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтка ў святле архіўных дакументаў". Па просьбе рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага, ксяндза, доктара Яна Саламона, на падставе навуковай працы мною быў падрыхтаваны даклад на тэму апостальскай дзейнасці ксяндза Казіміра Свёнтка.

Жыццё Кардынала Казіміра Свёнтка – гэта гісторыя цэлага беларускага касцёла, а таксама нашай супольнасці Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, бо амаль усе гады святарскага жыцця ксяндза Кардынала нашыя сёстры працавалі поруч з ім. Мне таксама пасчасціла працаваць з гэтым чалавекам з 2001 па 2009 гг.

 

Некаторыя моманты падчас нашай размовы з ксяндзом-Кардыналам былі для мяне не зусім зразумелымі. І толькі калі пачала пісаць працу і даведалася, якім было яго семінарыйнае жыццё, зразумела, чаму тады ксёндз-Кардынал звяртаў такую ўвагу на некаторыя моманты, якія могуць сёння паказацца дзіўнымі.

У жыцці кардынала К. Свёнтка было шмат містычных супадзенняў, неверагодных шчаслівых здарэнняў і ў той жа час цяжкіх выпрабаванняў. Ён вельмі любіў Бога і Касцёл, любіў людзей, якім служыў, і часта гаварыў: "За Божае Валадарства трэба маліцца, дзеля яго трэба працаваць і цярпець…" Менавіта Бог ратаваў яго душу праз цярпенні і боль, ачышчаючы яго і рыхтуючы, як апостала Пятра, да таго, каб зрабіць яго ў будучыні скалою – спачатку для паствы ў Пінску, а пасля – ва ўсёй Беларусі і за яе межамі.

З архіўных дадзеных мы даведваемся, што Казімір Свёнтак 22 ліпеня 1933 г. напісаў заяву на імя рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску аб прыёме ў семінарыю, а 27 ліпеня 1933 быў прыняты. Умовы семінарыйнага жыцця Казіміра Свёнтка ў даваенны перыяд вельмі адрознівалася ад сённяшніх умоў.

У 1939 г. незадоўга да пачатку вайны, у Вялікую Суботу, 8 красавіка, у Пінскай катэдры дыякан Казімір Сіёнтак атрымаў з рук біскупа-ардынарыя Казіміра Букрабы сакрамэнт Святарства. Першую прыміцыйную Імшу адправіў 10 красавіка 1939 г. у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах. На прыміцыйным абразку напісаў: "Хай прыйдзе Царства Тваё". 21 красавіка кс. Казімір Свёнтак быў прызначаны на пасаду вікарыя ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі ў Пружанах.

На пачатку свайго жыццёвага шляху ён не думаў пра святарскае пакліканне. Аб сваім святарскім служэнні сам кс. кардынал гаварыў так: "Я сёння заканчваю 70 гадоў святарства і я не бяруся сцвярджаць, што ўжо ў поўнай меры зразумеў святарства і прызванне да яго. Розныя былі і есць віды пакліканняў да святарства. Таксама адрозніваецца маё пакліканне да святарства як і само святарства. На самай справе толькі першыя пяць месяцаў майго святарства (ад 8 красавіка да 17 верасня 1939 г.) працягвалася мая пастырская праца ў нармальных умовах". Амаль з самага пачатку гэтая служба была пазначана пакутамі і пераследваннямі з боку ворагаў Царквы і рэлігіі. Хіба можна пералічыць усе маштабы пакут, якія зведаў святар Казімір Свёнтак на працягу свайго жыцця?

У красавіку 1941 ён арыштаваны савецкімі ўладамі. Як сам успамінаў у 70 гадавіну Святарства, што трапіў "з дажджу пад вадасцёкавую трубу". Святарскую працу ксёндз Свёнтак выконваў да красавіка 1944 года, пакуль не быў арыштаваны нямецкімі ўладамі. Калі б 16 ліпеня 1944 года савецкія войскі не ўвайшлі ў Пружаны, Казімір Свёнтак быў бы расстраляны немцамі. Ці гэта не іронія лёсу: немцы выратавалі ад КДБ, савецкія войскі - ад Гестапа?

Аднак 17 снежня 1944 г. з той жа плябаніі ў Пружанах КДБ зноў забраў кс. Свентка. На гэты раз пасля сямі месяцаў знаходжання ў турэмным зняволянні КДБ у Мінску, 21 ліпеня 1945 г., быў пазбаўлены волі на дзесяць гадоў  з праходжаннем пакарання ў лагерах Гулага. Kс. Свентак успамінаў: "Я уздыхнуў з палёгкай - але не смяротны прысуд. Праз некалькі дзен вывезлі мяне ў Оршу, пункт разбору лагера. Пасля 16 дзён паездкі у вагоне для жывёлы я трапіў у адзін з лагераў Maрыінскіх у далёкай Сібіры. Дзве зімы працаваў як лесасек у тайзе Сібірскай. У верасні 1947 года мяне забралі з гэтага лагера, і пасля доўгага этаповага шляху я апынуўся ў самай Варкуце, дзе прабыў нядоўга, ад 3 да 25 снежня 1947 г. За арганізаваную праз мяне вігілію Божага Нараджэння выгналі мяне з Варкуты да ствараемага ў тундры лагера ў Iнце, у 200 км ад Варкуты, дзе прабыў сем гадоў. У першыя гады елі суп, у якім плавалі лісце гнілой капусты і кавалачкі бульбы. Праз 10 гадоў я не бачыў мяса, акрамя сырога мяса цюленяў". Kс. Свентак адбываў тэрмін і прысуд, выконваючы цяжкія будаўнічыя працы. Кіркай і ломам трэба было дзяўбці замёрзлую зямлю, затым узводзіць падмуркі і будаваць дамы. Прайшоўшы праз увесь жах сталінскіх лагераў, кс. Казімір у 1954 г. пасля вызвалення з лагера спачатку прыбыў на Украіну да Полоннэго, да кс. Антонія Хаміцкага, а адтуль ў Пінск. Ен меў магчымасць выехаць у Польшчу, але вырашыў, што яго месца там, дзе сямейныя карані, дзе, "спачывалі цэлымі стагоддзямі прахі дзядоў і прадзедаў". Святар паспрабаваў вярнуцца да свайго прыходу ў Пружаны, аднак гэта аказалася немагчыма, бо касцел св. Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў ператвораны ў так званы "дом сацыялістычнай культуры". Рэчы царкоўныя былі перададзены на падрыхтоўку тэатральных касцюмаў.

Ксёндз Казімір пасля многіх год так успамінаў: "Я прыйшоў у сабор, была нядзеля. У першых лаўках сядзела каля 30 пажылых жанчын, пры галоўным алтары служыў кульгавы стары. Я стаў пад хорам, абпёршыся аб калону. Можна сабе толькі ўявіць, што рабілася ў маім сэрцы, поўным радасці і падзякі. Гэты пажылы мужчына паклаў арнат на алтары, паставіў чашу, запаліў свечкі, ударыў у званок, а немаладыя жанчыны спявалі, услаўляючы Бога па-свойму. Усе ўсталі, але святара не было, і жанчыны самі адпраўлялі Імшу. Пасля прачытанага Евангелля, я не вытрымаў і заплакаў: як так можа быць, што святар стаіць пры калоне, а жанчына чытае Евангелле, якое вызначана на нядзелю? Пасля гэтай незвычайнай Імшы, я ўвайшоў у рызніцу і пачаў размаўляць з пажылым чалавекам. Аказалася, што ўжо 6 гадоў не маюць святара. Я спытаў: "Вы хацелі б мець святара?", "Вядома, але ж адкуль яго ўзяць?". Тады я прызнаўся, што я святар, што быў звольнены пасля 10 гадоў лагераў". Праз 5 месяцаў намаганняў вернікаў і яго самога 1 снежня 1954 г. ад абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігіі ў Брэсце атрымаў рэгістрацыю (спраўку), якая дазваляла  працу ў Пінскай катэдры, дзе з 1948 г. не было ні аднаго святара. Яна была абаронена ад закрыцця і ператворана ў склад збожжа. У той час кс. Казіміра проста з вуліцы забіраюць на допыты ў КДБ, якія працягваюцца днем і ноччу. Прапаноўвалі яму розныя пасады, з тым, каб толькі адмовіўся ад святарства. Перажыў усе выпрабаванні і цяпер ужо мог афіцыйна прыняць сваю пастырскую дзейнасць.

Калі кардынала запыталіся, што найбольш дапамагала яму пераадольваць тыя церні, якімі так шчодра быў усланы ўвесь яго святарскі шлях, ён адказаў: "Якія церні?!. Гэта – ружы! Толькі колер у іх розны. Так, былі сярод іх і чырвоныя, aле былі таксама і белыя, і жоўтыя… Я не люблю, калі мяне называюць мучанікам, героем… Я ўсяго толькі выконваў свой святарскі абавязак і Божую волю. А якая розніца, дзе іх выконваць?! Я ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэты шлях. І калі б мне прапанавалі пачаць усё спачатку, я нічога не мяняў бы ў сваім лёсе..." І ў гэтым увесь ён — кардынал Казімір Свёнтак – Божы слуга, чалавек глыбокай хрысціянскай веры, аптыміст і жыццялюб, перакананы абаронца традыцый і шчыры прыхільнік марыйнай пабожнасці.

Святар Казімір Свёнтак распачаў душпастырскую працу ў савецкай рэчаіснасці, у пастаяннай канфрантацыі з палітыкай. Пінскі пастар падтрымліваў іншыя, часта далёкія прыходы, дзе не было ніякіх святароў. Ён нагадваў: "Калі мяне адзін раз запыталі, колькі душ мае мой прыход, я адказаў, што я не лічу прыход на душы, толькі на кіламетры''.

Хоць пачатак дзевяностых гадоў прынёс прамень надзеі, цяжкасцей надалей не бракавала. Кс. Казімір Свёнтак быў вельмі адданы касцёлу і яго незвычайныя арганізатарскія здольнасці былі ацэнены.

У 1991 годзе была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і пробашч Пінскай катэдры стаў яе першым арцыбіскупам, а таксама апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Падчас адной Св. Імшы ў Польшчы ён казаў: "Даверцеся майму вопыту, маім перажыванням: рука, якая пярэчыць Богу, раней ці пазней падае. Падае з трэскам! Мы, вызнаўцы веры, стаім за праўду і дабро, і таму заўсёды заваёўваем і перамагаем!" Ад 1991 г. Рымска-Каталіцкая царква Беларусі пачынае быць зноў прысутнай ў фарміраванні служэння Сусветнага Касцела праз служэнне свайго Архіпастыра.

Арцыбіскуп Казімір Свёнтак у 2000 годзе па запрашэнні ксяндза-біскупа Ежы Мазура ўдзельнічаў у асвячэнні саборнага храма Беззаганнага Сэрца Марыі ў Іркуцку, дзе асвяціў капліцу "Прымірэння і Супакою". Гэта цырымонія была вельмі важнай для ўсёй Сібіры. Кардынал, сам былы вязень ГУЛАГа, усыпаў зямлю з месцаў мучаніцтва ─ з расійскіх лагераў і турмаў, у асобныя скрыні, просячы Бога дараваць сваіх катаў. Над тым зямным попелам узносілася фігура Уваскрослага Хрыста, які нагадваў абнадзейлівую ісціну: "Я ёсць уваскрасенне і жыццё". У Яго прысутнасці красамоўна і пераканаўча гучалі словы кардынала Свёнтка: "Не таму, што мы памятаем пакутнікаў, якія загінулі жорсткай смерцю, а таму, што яны, прайшоўшы праз гэта, сталі людзьмі даруючымі і свабоднымі ад нянавісці. Дараваць і любіць. Гэты ўрок дае нам Евангелле. З гэтага пункту гледжання мы памятаем усіх пакутнікаў Сібіры, дзе б яны ні былі закатаваныя і забітыя".

26 лістапада 1994 г. у часе публічнага кансістару ў Рыме Папа Ян Павел ІІ менаваў 30 новых кардыналаў, а сярод іх і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Казіміра Свёнтка. Лёс Каталіцкага Касцёла на Беларусі Божы провід даручыў таму, хто сам быў лёсам гэтага Касцёла, быў яго верным сынам, а таксама яго адданым слугою.

Працягваць аднаўленне разбураных савецкай сістэмай храмаў, кардыналу Казіміру Свёнтку не было лёгка. Напачатку ўлады незалежнай Беларусі не лічыліся з яго кандыдатурай, і не прынялі стварэнне Мінска-Магілёўскай і рэактывацыі Пінскай епархіі. Kс. Кардынал сутыкнуўся з вялізнымі цяжкасцямі ў сувязі з намаганнямі па вяртанні царкоўных будынкаў, якія забралі шмат часу і высілкаў.

Кардынал Свёнтак часта праводзіў абмеркаванні з уладамі, каб забяспечыць магчымасць для далейшага пастырскага служэння святароў. Яго Эксцэленцыя звяртаў увагу ўладаў, адзначаючы, што высылка святароў з розных парафій можа прывесці да ўнутраных хваляванняў і міжнародных канфліктаў. З часам улады змянілі стаўленне да архіепіскапа, пераканаліся на самай справе, што гэта не паланізацыя Беларусі. Напачатку звярнулі яму сабор у Мінску, а затым манастыр у Пінску, намякаючы, што ён можа ператварыць іх у сваю рэзідэнцыю. Для кардынала нічога не змянілася, ён застаўся такім жа простым святаром, надалей прыхільным да кожнага чалавека. Толькі ў кастрычніку 1994 года дзяржаўныя органы ў поўнай меры прызналі Каталіцкі Касцёл у Беларусі і зарэгістравалі існуючыя епархіі.

У пастырскім пасланні з нагоды адкрыцця семінарыі кс. Кардынал пісаў: "Узлюбёныя ў Хрысце! Ад усяго сэрца дзякуем Богу за гэты дар! Звяртаюся да юнакоў! Ідзіце за Божым заклікам да святарства! Я звяртаюся да маці і бацькаў: пасылайце сваіх сыноў у Пінскую Семінарыю! Я заклікаю ўсіх вернікаў маліцца за добрую колькасць пакліканняў да святарства і для Беларусі! Усёй семінарыйнай супольнасці жадаю багатых дароў Святога Духа, праз заступніцтва Маці Божай-сталіцы Мудрасці, і праз заступніцтва св.Тамаша з Аквіну, і Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Хвала Богу, пасля 62-гадовага перапынку Пінская абноўленная Семінарыя зноў адкрывае свае дзверы, пачынаючы працу на душпастырскай ніве. У апошні год яе існавання перад закрыццём я скончыў тут сваю вучобу," - дадаў кс. Кардынал.

Гэтую вялікую радасць Эксцэленцыя нават не хаваў. Дзякуючы намаганням самаго кардынала, яго працы адбылася гэтая значная падзея.  Kс. Кардынал стараўся заўсёды быць у курсе ўсіх пытанняў Царквы, будучы ў цесным кантакце з кожным з апостальскіх нунцыяў. У мэтах задавальнення культурных і адукацыйных патрэбаў вернікаў Рымска-каталіцкай царквы на рэлігійным і духоўным узроўні было створана архідыцызыяльнае выдавецтва "Pro Christo".

Кардынал Казімір Свёнтак даў сучаснаму хрысціяніну рэальны прыклад, як трэба жыць, пакутаваць і верыць. Нягледзячы на выпрабаванні, якія перажыў, ён заўседы з упэўненасцю гаварыў: "О, Божа, які Ты Добры!" Ен пакінуў нам прыклад выдатнай сыноўняй любові да Маці Божай, на дарогах свайго паклікання, пастаянна здзяйсняў яе волю, нават тады, калі па-чалавечы не было выйсця. Я думаю, што выдатна падыходзяць для кс. Кардынала радкі з песні: "Паверце без астатку Марыі, паверце - Яе вялікай любові, паверце, а Яна ўсе клопаты, як Маці, пераменіць ў радасці".

"Прасіце, і будзе вам дадзена, стукайцеся і адчыняць вам," ─ гэтыя словы адлюстроўваюць шматгадовую добрасумленную працу Кардынала на патрэбы Царквы ў Беларусі пасля многіх год няволі і смутку. З вялікім запалам і адданасцю Эксцэленцыя прыступаў да працы па аднаўленні разбуранай Царквы, аднаўлення разбураных храмаў, але, перш за ўсе, аднаўлення веры ў чалавечых сэрцах.

Калі мы ўспамінаем жыццё ксяндза-кардынала, то прыходзяць на розум, таямніцы ружанцовыя, мы бачым радасныя моманты Хрыстовага паклікання да святарства і час фармацыі, потым балючы вопыт маладога святара на Галгофе Сібіры і, нарэшце, хвалебная частка, калі атрымаў свабоду, вярнуўся да святарскага служэння, каб урэшце рэшт як біскуп і першы Кардынал Беларусі весці Царкву па дарозе адраджэння.