Моладзь з Маладзечна наведвае "Святыя месцы нашай зямлі".
15-16 лютага моладзь Маладзечна наведала магілёўскі катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава і некаторыя месцы Магілёўшчыны. Мэтай візіту было не толькі наведванне гістарычных і прыгожых мясцін, але і супольная малітва з вернікамі мясцовых парафій.
Насычаная двухдзённая сустрэча, якую падрыхтавалі кс. Павел Беразун, кс. Раман Шульц і сястра Рыта, пакінула пазітыўныя ўражанні ў гасцей з Маладзечна і добрае сведчанне веры для вернікаў Магілёўшчыны.
Уражаннямі дзеляцца маладыя вернікі з Маладзечна:
"Наша жыццё - падарожжа". Увесь час мы чакаем, шукаем, патрабуем чагосьці незвычайнага. Пошук святасці - магчыма, гэта мэта нашага жыцця? Хто з нас не марыў пабываць на Святой Зямлі? Там, дзе ўсё дыхае святасцю і веліччу. Але, на жаль, не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Выхад ёсць! І моладзь нашай парафіі разам з сястрой Рытай знайшла яго. Мы адправіліся ў падарожжа па святой зямлі сваёй краіны.
Першым пунктам вялікай пілігрымкі быў Магілёў. Кс. Павел Беразун, наш зямляк, і кс. Раман Шульц падрыхтавалі нам цікавую праграму. Да нас прыйшоў гісторык Яўген, які правёў экскурсію па старым горадзе. Мы наведалі ратушу, убачылі шмат прыгожага і цікавага. Успамінаючы людзей, якія шмат зрабілі для развіцця веры на Магілёўшчыне, мы наведалі могілкі. Аповед іх жыцця і змагання нам паведаміў гісторык. Наведалі Шклоў, дзе зараз так сама працуе наш зямляк, кс. Аляксандар Шупенька. Гэтаму гораду патрэбна нашая малітва, да якой вас заклікаем. Ужо пад вечар мы вярнуліся ў касцёл. Нягледзячы на стомленасць, шматлікія прагнулі адкрыць сваё сэрца на Пана Бога. Нам пашанцавала, мы паспавядаліся і наблізіліся да Бога яшчэ больш. Але споведзь - гэта яшчэ не ўсё. Пасля Імшы была адарацыя, на якой мы праслаўлялі Пана спевам.
Радасці нашай не было канца. Шчаслівых і стомленых, нас прынялі на начлег цудоўныя вернікі Магілёва. Смачная ежа і ветлівыя ўсмешкі нашых новых сяброў былі добрым завяршэннем дня. Да дому мы вярнуліся ўражаныя. Вось словы асобных удзельнікаў:
"Мне вельмі спадабалася ў Магілёве. Гэта горад з цікавай гісторыяй, аб чым сведчыць яго архітэктура. На жаль, большасць гістарычных будынкаў было знішчана. Людзі не здаліся і ўжо адрэстаўравалі касцёлы і ратушу. Жыхары вельмі зычлівыя, шчырыя и поўныя Божай любові. Святары робяць усё магчымае, каб людзі пазналі Бога. Касцёлы сапраўды прыгожыя, але яшчэ патрабуюць шмат працы. Бачна, што вера ў Магілёве развіваецца. З задавальненнем яшчэ раз туды вярнуся, бо гэты край можа яшчэ многае паказаць".
"Мы пазнавалі і дзякавалі Пану Богу за святых Магілёва за тых ціхіх і за тых, якіх некаторыя ведаюць, як напрыклад бл.Баляслава, якая ў 1905 годзе ў Магілёве заснавала манаскую супольнасць сясцёр Міссіянерак Святой сям’і, а таксама благаславёнага Баляслава Слоскан, які прайшоў праз 17 савецкіх вязніц. Ведаць свае карані і гісторыю – гэта скарб".
"Мы правялі цудоўныя два дні сярод магілёўскай моладзі. Малітва Тэзэ пакінула след у сэрцах. Падчас экскурсіі мы даведаліся пра мужнае змаганне католікаў у пасляваенны перыяд. Пасля падарожжа па горадзе парафіяне накармілі нас смачным абедам".
"Паездка была вельмі цікавая і пазнавальная. Дзякую пані Яніне, якая прытуліла мяне на начлег. Гэта вельмі цудоўная і добразычлівая жанчына, лёс якой быў складаным. Нягледзячы на ўсё, яна знаходзіць час і сілы дапамагаць іншым. Яе шчырага сэрца хапае на ўсіх жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Няхай добры Бог адорыць сваёю ласкай яе і ўсіх, хто нам дапамагаў падчас гэтага падарожжа".